МАЗЫ́РСКІ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1915 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як лесапільны з-д. У 1922—23 пачаў перабудоўвацца, наз. «Пралетарый» У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Архангельск, разбураны. У 1945—49 адноўлены як М.д.к. У 1954—63 уведзены ў эксплуатацыю цэхі: раскроечна-загатовачны з сушыльнай гаспадаркай, мэблевы па вытв-сці драўнянастружкавых пліт (ДСП). У 1971 на базе М.д.к. створана ВА «Мазырдрэў», у складзе якога Мазырская, Ельская і Калінкавіцкая мэблевыя ф-кі, а з 1978 — Ельскі і Тураўскі леспрамгасы. У 1992 ВА «Мазырдрэў» стала арэндным прадпрыемствам, ад яго аддзяліліся Тураўскі леспрамгас і Калінкавіцкая ’мэблевая ф-ка. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): корпусная і інш. мэбля, ДСП, піламатэрыялы, паркет, струганая шпона, вырабы дрэваапрацоўкі.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)